Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра серыю ўдараў па расійскіх ваенных і транспартных аб’ектах 21–22 чэрвеня. Паводле ўкраінскага боку, адной з галоўных цэляў стаў цэнтр касмічнай сувязі «Дубна» ў Маскоўскай вобласці, які забяспечвае працу спадарожнікавых каналаў сувязі і тэлевяшчання. На аб’екце зафіксавалі маштабнае задымленне.
Таксама ўкраінскія Паветраныя сілы нанеслі ўдар высокадакладнымі крылатымі ракетамі па прадпрыемстве ў Варонежы, дзе вырабляецца электроніка для расійскіх ракет «Іскандэр» і Х-101, а таксама кампаненты для сістэм супрацьпаветранай абароны. У Кіеве сцвярджаюць, што гэта можа ўскладніць вытворчасць новага ракетнага ўзбраення.
Акрамя таго, украінскія вайскоўцы паведамілі пра паражэнне палігона падрыхтоўкі аператараў беспілотнікаў, пунктаў кіравання БПЛА, камандна-назіральных пунктаў у Белгародскай вобласці, аўтамабільнага моста каля Васільеўкі ў Запарожскай вобласці, а таксама інфраструктуры порта «Каўказ» і двух аўтамабільных паромаў у Краснадарскім краі РФ. На гэтым фоне ўлады Расіі часова спынілі працу Керчанскай паромнай пераправы, а таксама продаж насельніцтву паліва ў акупаваным Крыме.
iar/pap/ez